Івулін яшчэ месяц правядзе за кратамі. СК не хапіла трох месяцаў, каб скончыць расследаванне

Журналіст Аляксандр Івулін з пачатку ліпеня ўтрымліваецца пад вартай па абвінавачванні ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Днямі следства працягнула тэрмін у СІЗА яшчэ на месяц — не паспяваюць скончыць расследаванне. 

06.10.2021 / 10:23

Па артыкуле, які вешаюць на журналіста, трымаць за кратамі да суда яго могуць агулам паўгода, то-бок да 3-га снежня. Івуліну пагражае арышт, або «хімія» да 5 год, або пазбаўленне свабоды да 3 год. Віну ён не прызнае.

Аляксандра затрымалі 3-га чэрвеня нібыта за сцяг на акне кватэры. Па адміністратыўным артыкуле яму далі 30 сутак арышту, але на свабоду ён ужо не выйшаў — яго адразу затрымалі па крыміналцы і змясцілі ў СІЗА. Месяц на Акрэсціна не будзе ўлічвацца па крымінальным артыкуле.

Адзначым, што ў 2019 годзе Следчы камітэт заяўляў, што трэба пашыраць практыку прымянення альтэрнатыўных мер утрымання: у Беларусі кожны трэці да суда сядзіць у ізалятары.

Агулам за кратамі знаходзіцца 27 супрацоўнікаў незалежных медыя. 

Напісаць ліст Аляксандру Івуліну можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. 

Nashaniva.com