Да двух гадоў калоніі асудзілі мінчука за кінуты ў міліцэйскі аўтобус шкляны келіх
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 7 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Зайкоўскага. Яго абвінавацілі па артыкуле 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), паведамляюць праваабаронцы.
07.09.2021 / 18:57
Вяла працэс суддзя Юлія Густыр, дзяржаўны абвінаваўца — Нічыпарук.
На папярэднім пасяджэнні пракурор запрасіў для Зайкоўскага два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Як вядома з матэрыялаў справы, 12 кастрычніка 2020 года прыкладна ў 21 гадзіну Зайкоўскі ў стане алкагольнага ап’янення на праспекце Дзяржынскага з іншымі неўстаноўленымі асобамі аказваў супраціўленне работнікам міліцыі, пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх.
Суддзя Густыр 7 верасня вынесла рашэнне — прызнаць Зайкоўскага вінаватым і асудзіць яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дадаткова — накіраваць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Таксама Зайкоўскі павінен выплаціць чатыром амапаўцам па 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.