Мінчука арыштавалі на 15 сутак за размову з амапаўцамі на Зыбіцкай

Сёння каля 12:30 на вуліцы Зыбіцкай 38-гадовы Максім Пятровіч набываў ежу. Каля яго стаялі супрацоўнікі АМАПа ў службовай форме, з якімі Максім вырашыў паразмаўляць. У выніку размова скончылася затрыманнем Пятровіча, паведамляюць праваабаронцы.

31.08.2021 / 20:26

Але пратакол па арт. 24.3 КаАП на мужчыну склалі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа. Па пратаколе, Максім «быў затрыманы па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адмовіўся выйсці са службовага аўтамабіля, упіраўся, чым аказаў непадпарадкаванне міліцыянту».

Амаль праз тры гадзіны справу Максіма разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. На пытанне суддзі наконт меркаванай прычыны затрымання, мужчына адказаў: «Пакрыўдзіліся, пэўна, можа, я ім не тое што сказаў».

Суддзя Карсюк пакараў Максіма Пятровіча 15-сутачным арыштам.

Nashaniva.com