Прэм'ер Польшчы прапанаваў увесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю. Упершыню ў гісторыі свабоднай краіны

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі праз наплыў нелегалаў прапануе ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю. Пастанову накіруюць на ўхваленне прэзідэнту Анджэю Дудзе, паведамляе Rczeczpospolita.pl.

31.08.2021 / 14:04

PAP

«Сітуацыя на мяжы з Беларуссю да гэтага часу застаецца напружанай з-за таго, што рэжым Лукашэнкі вырашыў везці людзей з Ірака, пасля чаго адправіць іх на тэрыторыю Літвы, Латвіі і Польшчы. Менавіта таму сёння ўрад пастанавіў звярнуцца да прэзідэнта з просьбай увесці надзвычайнае становішча на 30 дзён у памежнай зоне», — заявіў Маравецкі.

Ён адзначыў, што Літва і Латвія ўжо ўвялі неабходныя меры, каб прадухіліць наплыў мігрантаў.

Міністр унутраных спраў Марыюш Камінскі ўдакладніў, што надзвычайнае становішча закране 115 гарадоў Падляскага ваяводства і 68 гарадоў Люблінскага ваяводства. Такім чынам, на іх тэрыторыі будуць забароненыя дэманстрацыі.

«Гэта першае надзвычайнае становішча ў гісторыі свабоднай Польшчы», — дадаў Камінскі.