Макей, Галоўчанка, Мясніковіч. Хто можа замяніць Лукашэнку?

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у праграме «Ток» выказаўся наконт магчымага пераемніка Лукашэнкі.

14.08.2021 / 12:30

— У выпадку транзіту ўлады, хто з дзейных дзяржаўных палітыкаў можа задаволіць Крэмль?

— Любы, хто можа гарантаваць адсутнасць новых рэвалюцый у Беларусі, — лічыць Шрайбман. — Калі гэта фігура будзе хоць трохі больш кампраміснай для грамадства, чым Лукашэнка, нават калі гэты чалавек не будзе на 100% рускамірцам, Расія падтрымае яго, проста таму што ён вырашыць важную задачу — стабілізуе Беларусь, не будзе выводзіць яе з расійскай сферы ўплыву. Напэўна, фігура ў выглядзе Галоўчанкі, Мясніковіча задаволіла б Расію больш, чым Макей, у якога відавочна, ёсць празаходні флёр. 

— На каго можа паставіць сам Лукашэнка?

— Для яго прынцыпова знайсці канфігурацыю, пры якой ён і ягоныя людзі будуць у бяспецы. Думаю, ён будзе шукаць мікс: чалавека, які быў у сілавых структурах, і разумее ў гаспадарцы. Такіх у сённяшняй эліце я бачу двух — Галоўчанка і Макей. Але ў такіх сітуацыях могуць быць і выпадковасці. Калі Лукашэнка будзе сыходзіць не па сваёй волі, наверх могуць усплыць непрадказальныя фігуры.

Nashaniva.com