СК працягнуў на два месяцы праверку абставінаў смерці Вітольда Ашурка

Упраўленне СК па Магілёўскай вобласці падоўжыла праверку па факце смерці ў калоніі № 17 у Шклове ў маі 2021 года палітвязня Вітольда Ашурка, паведаміў БелаПАН яго брат Андрэй Ашурак.

08.08.2021 / 19:04

«Праверка прадоўжана ў сувязі з тым, што працягнулі час экспертызаў. Я спытаў, якія версіі разглядаюцца, на што следчы сказаў, што няма экспертызаў — няма версій», — сказаў Ашурак.

Паводле яго слоў, падчас размовы ён звярнуў увагу суразмоўцы на тое, што на відэазапісе, які СК апублікаваў, «стан Вітольда Міхайлавіча — бессвядомы», «з гэтым следчы пагадзіўся». Андрэй Ашурак таксама выказаў здагадку, што з загінулым абыходзіліся неналежным чынам.

Да гэтага часу невядомы лёс дзённіка Вітольда Ашурка, пра які палітвязень згадваў у лістах і які не аддалі сваякам з астатнімі асабістымі рэчамі. Па словах брата, следчы падаў запыт у турму № 1 у Гродне, дзе палітвязень знаходзіўся ў апошні час да этапавання ў калонію. Адказ адтуль пакуль не прыйшоў.