Зяленскі заклікаў прыхільнікаў «рускага свету» пакінуць Данбас і ехаць у Расію

Прыхільнікам ідэалогіі «рускага свету» не варта заставацца на тэрыторыі часова акупаванага Данбаса — ім варта пераязджаць у Расію, паколькі гэты рэгіён ніколі не ўвойдзе ў РФ.

05.08.2021 / 13:56

Пра гэта заявіў Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю тэлеканалу «Дом».

«Калі ты жывеш на тэрыторыі часова акупаванага Данбаса і лічыш, што «наша справа правая, нам — у Расію, мы — рускія», то гэта вялікая памылка — заставацца жыць на Данбасе. Гэта ніколі не будзе рускай тэрыторыяй, проста ніколі», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Параўнаўшы акупацыю Данбаса з Берлінскай сцяной, Зяленскі запэўніў, што ў любым выпадку «мур рухне».

«Калі ты любіш Расію і лічыш, што ўсё жыццё знаходзіўся на тэрыторыі Украіны, але адчуваў яе Расіяй, калі ты так адчуваеш, то павінен зразумець — у імя сваіх дзяцей і ўнукаў ужо трэба ехаць і шукаць сабе месца ў Расіі», — сказаў Зяленскі.

Зяленскі упэўнены, што без Украіны на Данбасе не будзе цывілізацыі, гэты рэгіён не зможа нікуды расці.