Дзяўчыну за бел-чырвона-белую цішотку на балконе аштрафавалі на 2900 рублёў

26 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна разглядзелі справу 31-гадовай Алесі Яначкінай, якую затрымалі напярэдадні дома.

29.07.2021 / 15:18

У Фрунзенскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Згодна з пратаколам, Алеся «вывесіла на балконе белую цішотку з чырвонай паласой пасярэдзіне, якая, на думку міліцыянтаў, формаўтварала БЧБ-сцяг», паведамляе spring96.org.

Па словах Алесі, цішотка сохла на балконе некалькі дзён, а зняла яна яе адразу пасля заўвагі ўчастковага. Праз пару дзён па дзяўчыну прыйшоў міліцыянт і прапанаваў прайсці з імі на прафілактычную гутарку, пасля чаго яе затрымалі да наступнага дня.

У Алесі ёсць непаўнагадовае дзіця, таму яе павінны былі вызваліць праз тры гадзіны.

У выніку суддзя Марыя Ярохіна прызнала Алесю вінаватай у пікетаванні і пакарала яе штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

Nashaniva.com