Трыбунал ААН пацвердзіў прысуд асуджанаму за генацыд у Срэбраніцы Младзічу

08.06.2021 / 18:59

Трыбунал ААН у Гаазе адхіліў апеляцыю былога камандзіра баснійскіх сербаў Ратка Младзіча, які быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення за генацыд і злачынствы супраць чалавечнасці.

У пачатку разгляду апеляцыі ў жніўні мінулага года Младзіч высунуў дзевяць падстаў для апеляцыі з просьбай аб яго апраўданні або пераглядзе справы. Адвакаты сцвярджалі, што ён быў далёка ад Срэбраніцы, калі адбылася разня.

Апеляцыйная калегія з пяці чалавек пастанавіла, што Младзіч не прадставіў доказаў для адмены прысуду супраць яго.

Такім чынам, трыбунал ААН падтрымаў пажыццёвае пакаранне за яго ролю ў забойстве каля 8000 баснійскіх мусульман у Срэбраніцы ў 1995 годзе.

78-гадовы Младзіч адбывае пажыццёвае зняволенне пасля таго, як у лістападзе 2017 года трыбунал ААН па ваенных злачынствах у былой Югаславіі прызнаў яго вінаватым па 10 абвінавачваннях, уключаючы генацыд, забойства, судовы пераслед, прымусовую дэпартацыю.

Ратка Младзіч быў камандзірам сербскай арміі ў вайне ў Босніі ў 1992-95 гадах. Яго арыштавалі ў 2011 годзе ў Сербіі, а затым экстрадавалі ў Гаагу. Суд па яго справе пачаўся ў маі 2012 года.

Nashaniva.com