«Рана радуецеся». Закрылася кафэ экс-праваабаронцы Красоўскай, дзе збіраліся Дзерман і Шпакоўскі

Калі верыць «Гуглу», закрыўся маленькі мінскі рэстаранчык «Еда». Праўда, вядомасць ён набыў не праз стравы і кухню. Галоўнай адметнасцю ўстановы былі зборышчы ў ёй дзяржаўных прапагандыстаў. 

22.05.2021 / 12:30

Рэстаран належаў Алене Красоўскай — некалі яна працавала ў «Платформе» з Андрэем Бандарэнкам, а пасля называла сябе кіраўніцай праваабарончай арганізацыі «Рэгіён-119».

Праўда, звярнуцца ў «Рэгіён-119» па дапамогу было нерэальна. Сайт у арганізацыі адсутнічае, суполкі ў сацыяльных сетках мёртвыя, тэлефонаў у адкрытым доступе няма.

Акрамя таго, Красоўская вядомая паездкамі ў скандальна вядомы рэстаран «Паедзем паядзім» у Курапатах, а таксама сваімі выказваннямі. Напрыклад, пераконвала, што ў Беларусі няма палітвязняў, што трэба больш жорстка караць па «наркатычных» артыкулах. Таксама яна казала, што падтрымлівае смяротнае пакаранне.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар аб закрыцці «Еды» да Алены Красоўскай. Яна размаўляць не захацела.

«Па-першае, каментара не будзе, па-другое — рана радуецеся», — адказала Красоўская.

Nashaniva.com