КДБ пацвердзіў інфармацыю аб затрыманні Кастусёва і Фядуты

«Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў рамках расследавання распачатай крымінальнай справы ў парадку артыкула 108 КПК па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Рыгор Кастусёў і Аляксандр Фядута», — паведамляе БелТА.

13.04.2021 / 15:37

«Пасля правядзення неадкладных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў будзе прадастаўлена поўная інфармацыя па сітуацыі», — адзначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, што затрыманне старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва стала вядома ўчора.

Таксама ў панядзелак стала вядома, што знікла сувязь з палітолагам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Ён быў у Маскве і перастаў выходзіць на сувязь з жонкай.

У Маскве знік палітолаг Аляксандр Фядута 

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Пазней жонка Фядуты Марына Шыбко расказала Tut.by, што пасля знікнення мужа выехала ў Маскву і сёння падала заяву ў расійскія праваахоўныя органы аб яго знікненні.

«Я знаходжуся ў цяперашні момант у Маскве. Сёння я тут падала заяву аб знікненні свайго мужа. Калі я пазней даведалася, што муж затрыманы КДБ, то звязалася з маскоўскімі следчымі. Яны не змаглі мне сказаць, дзе знаходзіцца Аляксандр Іосіфавіч — на тэрыторыі Расіі ці на тэрыторыі Беларусі — і якім чынам ён апынуўся ў КДБ. Толькі паведамілі, што будуць па гэтым пытанні звязвацца з Генпракуратурай РФ», — распавяла Шыбко.

Яна таксама не ведае, як, калі, кім, на якіх падставах і пры якіх абставінах быў затрыманы яе муж.