Навукоўцы знайшлі планету, якая сама аднавіла страчаную атмасферу

Адносна блізка, усяго за 40 светлавых гадоў ад Сонечнай сістэмы, астраномы знайшлі новую экзапланету GJ 1132 b. Яна большая па памерах за Зямлю, а ўмовы на планеце зусім не падыходзяць да існавання там жывых арганізмаў. Аднак навукоўцаў новы свет усё роўна зацікавіў.

23.03.2021 / 14:32

Фота gazeta.pl

Спачатку астраномы не надалі шмат увагі GJ 1132 b, бо планета знаходзіцца заблізка да сваёй зоркі, чырвонага карліка. Адлегласць паміж планетай і зоркай настолькі маленькая, што год на планеце доўжыцца толькі паўтара зямных дня.

Звычайна такое цеснае суседства — прыкмета таго, што на планеце занадта спякотна, таму там няма нічога цікавага для вывучэння. Але новае даследаванне з дапамогай тэлескопа Хабл паказала, што GJ 1132 b сапраўды вартая ўвагі, піша gazeta.pl.

Гэтая планета сфарміравалася 4,5 мільярдаў гадоў таму і першапачаткова была газавым гігантам. Праз зоркавы вецер — выцяканне зоркавага рэчыва з чырвонага карліка — планета згубіла атмасферу, але потым здолела яе часткова аднавіць. Цяпер GJ 1132 b мае атмасферу той жа шчыльнасці, што і зямная.

Навукоўцы мяркуюць, што новая газавая абалонка планеты ўтварылася пад уплывам вулканічнай актыўнасці на яе паверхні. Асноўныя складнікі адбудаванай атмасферы — вадарод, сінільная кіслата, метан, аміяк і вуглевадародны туман.

Хутчэй за ўсё, паверхня планеты вельмі гарачая і тонкая, яна адчувае на сабе моцны гравітацыйны ўплыў ад сваёй зоркі і, магчыма, ад суседняй планеты. Таму ў паверхні планеты шмат расколін, праз якія і выцякаюць газы, што ствараюць новую атмасферу GJ 1132 b.

НФ