У Камянцы 12 тысяч рублёў патрацілі на помнік валоскаму арэху. Ахоўваць яго будзе агароджа і відэакамера

ці падтрымліваеце вы такія расходы з бюджэту?

21.03.2021 / 13:27

На пляцоўцы каля новай базы МНС у Камянцы вырас грэцкі арэх. Каванае дрэўца вышынёй 3,5 метры з'явілася дзякуючы ініцыятыве камунальных службаў, паведамляе Kamenec.by.

Дрэва выканана метадам ручнога кавання і часткова — адліўкі ў кузні. Яго кошт — каля 12 тысяч рублёў. Грошы на аб'ект узялі з мясцовага бюджэту і прадпрыемстваў.

Каб нікому не прыйшло ў галаву сарваць арэх на памяць ці забрацца на дрэва для сэлфі, вакол дрэва прадугледжана агароджа. Гэта робіцца ў тым ліку і ў мэтах бяспекі. У лісця вельмі вострыя краі, і парэзацца аб іх можна вельмі проста. Адсочваць «карцінку» з валоскім арэхам будзе і камера відэаназірання.