Ціханоўская разлічвае на сыход Лукашэнкі вясной 

Ціск санкцый ЕС і ЗША, што ўзмацняецца, прымусіць Аляксандра Лукашэнку сысці, лічыць Святлана Ціханоўская. «Вырашальная бітва» з рэжымам у Беларусі адбудзецца гэтай вясной, мяркуе і Павел Латушка, піша DW.

28.02.2021 / 17:38

Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны сысці ў найбліжэйшыя месяцы. Такое меркаванне выказала лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю нямецкаму штотыднёвіку Bild am Sonntag, апублікаваным у нядзелю, 28 лютага. На думку Ціханоўскай, да адстаўкі Лукашэнкі непазбежна прывядзе ціск на яго рэжым з боку ЕС і ЗША.

«Ціск будзе расці з кожным днём і аднойчы стане для Лукашэнкі празмерным, таму ён сыдзе», — заявіла Ціханоўская. «Рэжым Лукашэнкі падзе яшчэ сёлета. Думаю, вясной ён сыдзе», — дадала палітык.

У сваю чаргу, былы міністр культуры Беларусі, член Прэзідыума Каардынацыйнага савета апазіцыі Павел Латушка, які восенню 2020 года быў вымушаны з'ехаць у Польшчу, заклікае Захад дамагацца поўнай эканамічнай ізаляцыі Беларусі. «Мы гатовыя выносіць санкцыі шэсць ці дванаццаць месяцаў, калі пасля гэтага сітуацыя палепшыцца», — адзначыў апазіцыянер у гутарцы з журналістамі нямецкай штотыднёвай газеты Welt am Sonntag.

З пункту гледжання Латушкі, Еўрасаюзу неабходна прыпыніць усе эканамічныя ўзаемаадносіны з Беларуссю, каб апарат рэжыму Лукашэнкі не мог больш «здабываць сродкі на міжнародных фінансавых рынках». Пры гэтым апазіцыянер, гэтак жа, як і Святлана Ціханоўская, выказаў упэўненасць у тым, што «вырашальная бітва» паміж пратэстоўцамі і цяперашняй уладай разыграецца ўжо вясной.