Ва Украіне аднаму з пасёлкаў вернуць гістарычную назву Нью-Ёрк

Камітэт Вярхоўнай рады Украіны па пытаннях мясцовага самакіравання прыняў рашэнне аб перайменаванні пасёлка гарадскога тыпу Ноўгарадскае ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці ў Нью-Ёрк.

04.02.2021 / 07:39

Фота з Вікіпедыі

Аб гэтым піша УНІАН.

Рашэнне было прынятае на падставе звароту адміністрацыі рэгіёна. У ім адзначалася, што Нью-Ёрк — гістарычная назва пасёлка, якая выкарыстоўвалася да 1951 года.

Канчатковае рашэнне аб перайменаванні будзе прынята на агульным галасаванні ў Вярхоўнай Радзе.

Паселішча Нью-Ёрк было заснавана менанітамі (пратэстантамі), якіх запрасіла ў Расію Кацярына II, выдзеліўшы ім для засялення зямлі на тэрыторыі сучаснай Усходняй Украіны.

Пад назвай Нью-Ёрк пасёлак, у прыватнасці, згадваецца ў драме савецкага пісьменніка Віктара Някрасава «У родным горадзе». У савецкі час менанітаў выселілі ў Амурскую вобласць, і там яны таксама заснавалі Нью-Ёрк.

Зараз у Ноўгарадскім жывуць каля 10 тысяч чалавек.