Літоўскі дэпутат: 12% электраэнергіі прыходзіць у Літву з Беларусі

Дэпутат, старшыня парламенцкага Камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас сказаў, што 12% спажыванай у Літве электрычнасці — гэта электраэнергія з Беларускай АЭС, піша Delfi.

03.02.2021 / 20:43

«Цяпер мы бачым, што каля 12% спажыванай у Літве электрычнасці выраблена на БелАЭС, у Астраўцы. У месяц гэта 11 млн еўра. Можна сказаць, што спажыўцы плацяць за АЭС», — сказаў журналістам Кашчунас.

Паводле яго слоў, пытанне блакавання БелАЭС цесна звязана з праектам сінхранізацыі, таму важна як мага хутчэй вырашыць рознагалоссі з Эстоніяй і Латвіяй.

Міністр энергетыкі Дэйнюс Крэйвіс прадставіў даныя, паводле якіх, у апошнія 10 дзён палова ўсёй электраэнергіі, якая прыходзіць у Літву праз беларуска-літоўскае злучэнне, — прыйшла з Беларусі, а іншая палова — з Расіі. «Яшчэ столькі ж электраэнергіі купляюць на біржы ў Латвіі. Паколькі ў нас утварыўся велізарны дэфіцыт электраэнергіі, мы электрычнасць выкарыстоўваем і плацім за яе», — сказаў Крэйвіс.

Nashaniva.com