Кіраўнік Акадэміі навук: Беларусь гатовая выпускаць цалкам свой электрамабіль

Пра гэта паведаміў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, каментуючы праект праграмы развіцця электратранспарту на 2021-2025 гг.

19.01.2021 / 16:20

БелТА

«Мы гатовыя цяпер пры інвестыцыях стварыць на базе сваіх распрацовак цалкам свой электрамабіль», — цытуе словы Гусакова БелТА.

Паводле яго слоў, для беларускага электрамабіля адпрацоўваецца некалькі мадэляў батарэй — літыійных, графена-свінцовых і графенавых. «Літый-іённыя вельмі дарагія, у легкавых аўто батарэя — гэта палова цаны машыны і нават больш. Акрамя таго, літый будзе даражэць праз тое, што запасы абмежаваныя і ў асноўным сканцэнтраваныя ў Кітаі і некаторых іншых краінах», — адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Таму многія краіны шукаюць новыя рашэнні для электрамабіляў, і беларускія навукоўцы таксама, у студзені яны правядуць выпрабаванні сваіх батарэй.