Бабруйчанін падчас крадзяжу забыў свае туфлі

У канцы снежня мінулага года з паведамленнем аб крадзяжы ў міліцыю звярнуўся бабруйчанін. Заяўнік распавёў, што з яго гаспадарчай пабудовы зніклі дзве ўпакоўкі пенаплексу. Стары замок, які вісеў на дзверы, быў зламаны, паведаміла «МагілёўАнлайн» галоўны спецыяліст па працы са СМІ ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

14.01.2021 / 16:49

Калі спецыялісты прыехалі да бабруйчаніна, ён распавёў, што знайшоў каля плота чорны пакет з мужчынскімі туфлямі. Экспертыза паказала, што на абцасе ёсць адбітак пальца. Па базе даных спецыялісты знайшлі 42-гадовага мясцовага жыхара, які раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. А не так даўно ён выйшаў на волю.

Неўзабаве мужчыну затрымалі, частку выкрадзенага, якую ён не паспеў прадаць, канфіскавалі. Як аказалася, заяўнік знаёмы з гэтым мужчынам, прычым напярэдадні яны разам выпівалі ў доме пацярпелага.

Завялі крымінальную справу.