Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая выйгралі конкурс «Залаты зубр»

Ужо чацвёрты раз Беларускі саюз журналістаў і інтэграцыйная супольнасць журналістаў Расіі і Беларусі «Друзья-Сябры» ладзяць конкурс «Залаты зубр» для тых, хто піша пра Саюзную дзяржаву.

21.12.2020 / 14:36

На фота злева направа: Аляксей Дзерман, Андрэй Мукавозчык, Андрэй Крывашэеў, яго жонка Валерыя Крывашэева-Цімафеева, Юрый Церах, Святлана Шутава і Алена Радоўская.

Конкурс яшчэ працягваецца, поўны спіс пераможцаў невядомы, але папярэдне ў справе асвятлення «інтэграцыйнага будавання і гуманітарнай супрацы паміж дзвюма краінамі і народамі» былі адзначаныя чатыры асобы.

Сярод іх — Рыгор Азаронак з СТБ, якога ўзнагародзілі ў намінацыі «За трываласць у прафесіі», Людміла Гладкая з «СБ»: яна адзначаная «За мужнасць у журналістыцы». А таксама Сяргей Бяспалы («Гомельская праўда») і Алена Радоўская («Бабруйскае жыцце»). Першы прымаў віншаванні ў сувязі з «бескампраміснай рэдакцыйнай палітыкай». 

Азаронак і Гладкая.

У 2020 годзе Рыгор Азаронак стаў вядомы як аўтар прапагандысцкіх сюжэтаў і расследванняў. Ëн не цураецца ў эфіры выкарыстоўваць у адрас беларусаў такія азначэнні, як «баязлівыя шакалы», «мярзоўцы», «фашысты» і гэтак далей. Людміла Гладкая ж вядзе летапіс мірных акцый. У яе артыкулах пастаянна фігуруе то стральба з магутных рагатак, то круглыя камяні, якія «ламаюць» сілавікоў.

Старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў распавёў «Нашай Ніве», што ўсе журналісты атрымалі дыпломы, залатую эмблему братэрства — залатога зубра і невялікую грашовую прэмію. «Людзі сапраўды зрабілі шмат і для беларускай, і для саюзнай журналістыкі», — пракаментаваў ён.

Поўны спіс пераможцаў конкурсу павінен быць вядомы да канца года.

Nashaniva.com