«Як раней ужо не будзе». Медыкі запісалі ВІДЭАзварот да сілавікоў і чыноўнікаў Беларусі
10.11.2020 / 17:02
10 лістапада медыцынскія работнікі Беларусі апублікавалі відэазварот «да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і чыноўнікаў усіх узроўняў».
У звароце яны гавораць пра звальненні работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў і адлічэнні студэнтаў за іх грамадзянскую пазіцыю, «шантаж» бацькоў, у якіх пагражаюць забраць дзяцей.
«Чыноўнікі і сілавікі. Не рабіце злачынстваў супраць уласнага народа. Вы разумееце, што злачынства, здзейсненае паводле загаду, не зніжае яго цяжкасць і не здымае з вас адказнасці», — гавораць медыкі ў звароце.
Таксама яны звяртаюцца да супрацоўнікаў міліцыі, МНС і вайскоўцаў:
«Вы не можаце не бачыць, што ваша форма сёння пакрытая ганьбай, а ўсялякі давер народа да вас страчаны. Вы не можаце не заўважаць, з якой пагардай людзі глядзяць вам услед. Вы дастаткова разумныя, каб зразумець і прыняць той факт, што, як раней ужо не будзе», — гаворыцца ў звароце.
Медыкі падкрэсліваюць, што ўсе злачынствы, здзейсненыя сілавікамі, не застануцца беспакаранымі. Кажуць, што не звяртаюцца да іх сумлення, гонару і пачуцця абавязку, бо «іх адсутнасць вы даказалі сваімі ўчынкамі», але заклікаюць «выключна да інстынкту самазахавання».
Яны заклікаюць:
— спыніць усялякі гвалт і рэпрэсіі і адмяніць прынятыя раней рэпрэсіўныя рашэнні,
— вызваліць палітвязняў, прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у збіцці і катаваннях, незаконных звальненнях і адлічэннях, фальсіфікацыі выбараў,
— правесці новыя прэзідэнцкія выбары па ўсіх міжнародных стандартах.