Пашынян папрасіў Пуціна вызначыцца з дапамогай Арменіі

31.10.2020 / 10:48

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян адправіў ліст прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, у якім папрасіў пачаць кансультацыі для вызначэння дапамогі, якую Расія можа аказаць Арменіі. Пра гэта паведамляе прэс-служба армянскага МЗС, піша РБК.

«Беручы пад увагу факты замахаў на тэрыторыю Рэспублікі Арменія пры набліжэнні да мяжы Рэспублікі Арменія, прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія звярнуўся да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі з просьбай пачаць неадкладныя кансультацыі для вызначэння таго, які від дапамогі Расійская Федэрацыя можа аказаць Рэспубліцы Арменія», — гаворыцца ў паведамленні.

У лісце Пашынян спасылаецца на дамову аб саюзніцкіх адносінах паміж Расіяй і Арменіяй 1997 года, а таксама на арт. 2 Пагаднення аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ад 29 жніўня 2006 года.

Таксама ў лісце сказана пра баевікоў з Блізкага Усходу, якія нібыта былі перакінутыя ў зону баявых дзеянняў. 

Расія і Арменія з'яўляюцца саюзнікамі па АДКБ. Паводле статута арганізацыі, у выпадку нападу на аднаго з удзельнікаў дамовы, краіна мае запатрабаваць дапамогу ў іншых удзельнікаў. Аднак расійскія ўлады падкрэслівалі, што наўпростага ваеннага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам няма.

Nashaniva.com