Змаганне з заўзятарамі з дапамогай каранавіруса. АНОНС тура чэмпіянату Беларусі па футболе

Пасля міжнароднай паўзы футбол вяртаецца на беларускія стадыёны. Ці чакаюць матчаў заўзятары?

11.09.2020 / 13:04

«Наша Ніва» і Букмекерская кантора Леон працягваюць сачыць за айчынным футболам.

Федэрацыя футбола ўспомніла пра сакавіцкія даручэнні Мінспорту і разаслала ў клубы лісты з патрабаваннем аб запаўненні стадыёнаў не больш чым на 25%. Прычына ўсё тая ж, якой цяпер шмат што тлумачыцца ў Беларусі, — эпідэміялагічная абстаноўка.

Праз каранавірус трапіла ў не самую прыемную гісторыю моладзевая зборная. Футбалісты прыехалі ў Партугалію на адборачны матч, і тэст на COVID-19 паказаў станоўчы вынік адразу ў траіх беларусаў. Цяпер уся зборная засела ў гатэлі, матч адменены, а гульня «Энергетык-БДУ» — «Слуцк» перанесеная.

Што тычыцца матчаў папярэдняга тура, то вынікі былі такія:

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да анонсаў матчаў, якія мусяць прайсці з 11 па 13 верасня.

«Мінск» — «Гарадзея»

Пасля змены трэнера «Мінск» пачаў дэманстраваць добрыя вынікі. Падчас паўзы «гараджане» згулялі яшчэ і перанесены раней матч з «Нёманам», які выйгралі з лікам 4:3, чым палепшылі сваё турнірнае становішча.

Фота: ФК «Мінск».

Гульня з канкурэнтам у барацьбе за нявылет — неблагі шанец наблізіцца да сярэдзіны табліцы. 

Прагноз «НН»: перамога «Мінска».

«Рух» — «Нёман»

12-матчавая серыя «Нёмана» ў чэмпіянаце без параз, на жаль, прыпынілася. Пасля пройгрышу БАТЭ гарадзенцы нязвыкла шмат прапусцілі ў вышэй згаданым матчы з «Мінскам», у выніку адпусціўшы лідараў табліцы наперад на 5 балаў.

У «Руху» зайздросная серыя, наадварот, працягваецца і налічвае ўжо чатыры матчы чэмпіянату і адну кубкавую гульню. 

Прагноз «НН»: «Рух» не прайграе.

БАТЭ — «Смалявічы»

У першым крузе «Смалявічы» змаглі навязаць сур'ёзную барацьбу БАТЭ — той матч скончыўся з хакейным лікам 5:3. Але цяпер на «Барысаў-Арэну» едзе найгоршая каманда вышэйшай лігі, якую ў кубкавым матчы разграміла каманда першай лігі.

Імаверна, БАТЭ згуляе не асновай, каб паберагчы лідараў перад еўракубкавай гульнёй у Балгарыі 17 верасня. Тым больш яны толькі вярнуліся з матчаў зборных.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Шахцёр» — «Віцебск»

Юрыю Вернідубу не даравалі вылет з Лігі Еўропы і прайграны матч з «Іслаччу». Украінскі трэнер пакінуў клуб, замест яго «гарнякоў» будзе трэніраваць іншы ўкраінец — Раман Грыгарчук, які раней працаваў у «Астане».

Першы супернік Грыгарчука на чале «Шахцёра» — моцны «Віцебск», але паўночная каманда не можа выйграць ужо тры туры запар.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Дынама-Мінск» — «Дынама-Брэст»

Мінскае «Дынама» бясслаўна вылецела з еўракубкаў, потым прайграла той самы матч «Крумкачам» і засталося без кубка. Леанід Кучук пакуль пры пасадзе, але трэнерскае крэсла відавочна гайдаецца.

У Брэста засталася яшчэ Ліга чэмпіёнаў, у чэмпіянаце ж асаблівых надзей ужо, відаць, няма: каманда Кавальчука на дзясятым радку.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Белшына» — «Іслач»

Каманда з Бабруйска выйграла тры апошнія матчы і амаль выбралася з зоны вылету. У адрозненне ад канкурэнтаў у барацьбе за выжыванне, у «Белшыны» становішча больш стабільнае.

У іх наступнага суперніка серыя яшчэ лепшая, а пра поспехі Мікалая Януша не згадаў толькі лянівы. Таму не выключана, што ў нядзелю ў Бабруйску будзе згуляны самы цікавы матч тура.

Фота: ФК «Іслач».

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Славія»

Тур скончыцца ў Жодзіне матчам мясцовага «Тарпеда» і «Славіі». Мазырчукі не могуць выйграць ужо як два месяцы, але за гэты час два матчы з удзелам «Славіі» былі перанесеныя.

У «Тарпеда» сітуацыя лепшая — каманда ў чэмпіянаце не прайграе пяць тураў запар і наступае на пяткі «Нёману», які ідзе трэцім.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

Гульня «Энергетык-БДУ» — «Слуцк» перанесеная.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Піліп Каваленка