Беларусбанк прыпыніў прыём заяваў на льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля, у тым ліку ад шматдзетных сем'яў

10.09.2020 / 14:27

Беларусбанк з 10 верасня прыпыніў прыём новых заяваў на прадастаўленне льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля.

«З сённяшняга дня прыпынены прыём новых заяваў на выдачу крэдытаў на будаўніцтва або рэканструкцыю жылых памяшканняў з выкарыстаннем субсідыі на яго пагашэнне па ўказе №240. Па раней прынятых заявах сродкі пазычальнікам будуць выдзелены», — паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе банка.

Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем банка, тэрміны аднаўлення льготнага іпатэчнага крэдытавання не называюцца, дадаў прадстаўнік прэс-службы.

У адпаведнасці з указам №240 асобным катэгорыям грамадзян прадастаўлялася субсідыя на выплату часткі працэнтаў па крэдытах на будаўніцтва жылля. У прыватнасці, субсідыі даваліся шматдзетным сем'ям.