Жанчыны ўчора зламалі схему

30.08.2020 / 08:53

Фота Надзеі Бужан

Жаночыя маршы ў суботу прайшлі ў многіх гарадах краіны. Найбольшы — у Мінску — сабраў болей за дзесяць тысяч чалавек.

Сілавікі яўна былі ў разгубленасці: ні разагнаць, ні дэмаралізаваць удзельніц мірнага шэсця на чале з легендарнай Нінай Багінскай яны не змаглі.

Камічна выглядалі кінутыя супраць беларусак аўтазакі, спецмашыны з калючым дротам і вадамёт.

Перагарадзіўшы жанчынам дарогу ў цэнтр, сілавікі справакавалі шматкіламетровае святочнае шэсце па горадзе. Жанчыны нібы вада прасочваліся праз ланцугі, кружлялі, мянялі маршрут. Яны прайшлі праспект Незалежнасці, вуліцы Харужай і Багдановіча. Следам за імі сунуліся аўтазакі з амапаўцамі — жанчыны занялі вуліцу і не далі ім заехаць наўперад.

Падшыванцы, якія назіралі за шэсцем з акна, ляпаючы па падаконні і скандуючы «Сыходзь!», на ўсё жыццё запомняць гэтую святочную бел-чырвона-белую калону, якая прарывае ланцуг сілавікоў.

Nashaniva.com