Пуцін ізноў сабраў нараду Рады бяспекі Расіі па «беларускім пытанні»

28.08.2020 / 16:57

Удзельнікі аператыўнай нарады прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з пастаяннымі членамі Савета бяспекі абмеркавалі развіццё адносін з суседнімі дзяржавамі ў мэтах выпрацоўкі агульных падыходаў розных ведамстваў да далейшага выбудоўвання ўзаемадзеяння з імі, паведамляе Інтэрфакс.

«Мы сёння абмяркуем развіццё адносін з некаторымі з нашых суседзяў, з дзяржавамі, з якімі ў нас традыцыйна ў сілу геаграфічнай блізкасці вялікі аб'ём адносін», — сказаў Пуцін на аператыўнай нарадзе з пастаяннымі членамі Савета бяспекі Расіі.

«Адносіны развіваюцца, і трэба ўзгадніць нашы пазіцыі на некаторых ключавых пытаннях, узгадніць паміж ведамствамі, выпрацаваць падыходы для далейшага паступальнага развіцця ўзаемадзеяння з нашымі партнёрамі», — працягнуў Пуцін.

У сваю чаргу, прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў распавёў, што, у прыватнасці, на нарадзе адбыўся дэталёвы абмен думкамі па ключавых пытаннях развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва.