«Ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы»: міліцыя агучыла сваю версію здарэння з загінулым пратэстоўцам у Брэсце

19.08.2020 / 18:27

Сёння ў вайсковым шпіталі Мінска памёр 43-гадовы берасцеец Генадзь Шутаў. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў. Дактары змагаліся за яго жыццё, аднак сёння раніцай ён памёр. 

Следчы камітэт апублікаваў сваю версію здарэння: 

«Па дадзеных следства, 11 жніўня ў Брэсце двое мужчын здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Падчас нападу мужчыны наносілі ўдары, выкарыстаўшы металічную трубу, а таксама распачалі спробу завалодання агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца матэрыяламі, якія ёсць у следства.

Папярэдне выяўлена, што, спыняючы супрацьпраўныя дзеянні нападнікаў, праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да нападніка зброю, стрэліўшы ў кірунку пляча. Аднак, з прычыны актыўнага супраціву мужчыны, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы», — гаворыцца ў заяве Следчага камітэта. 

Чытайце таксама: У шпіталі памёр 43-гадовы мужчына з Брэста, у якога сілавікі стрэлілі на пратэстах. Гэта трэцяя ахвяра пратэстаў

Nashaniva.com