З 1 верасня праезд можна будзе аплаціць анлайн ва ўсім грамадскім транспарце Мінска і, магчыма, у маршрутках

21.07.2020 / 16:36

Укараніць сэрвіс TIX і сістэму «Аплаці» ў 2500 адзінках грамадскага транспарту Мінска плануюць да 1 верасня, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Мінгарвыканкама.

Аляксандр Дараховіч, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама, адзначыў, што сучасныя спосабы аплаты праезду запатрабаваныя ў гараджан.

«Абедзве сістэмы зарэкамендавалі сябе добра. Пытанне толькі ў тым, каму з пасажыраў якая зручнейшая. Таму дамо людзям выбар: даступныя будуць дзве сістэмы аплаты з дапамогай мабільных дадаткаў. Кожны скарыстаецца той, якая яму больш падабаецца», — мяркуе спадар Дараховіч.

Т️аксама рашаецца пытанне, каб да 1 верасня сістэма запрацавала ва ўсёй сетцы маршрутных таксі сталіцы. 

Будзе развівацца і аплата праезду ў метро з дапамогай сканавання твару. Яе ўжо пратэставалі, яна працуе без збояў. У хуткім часе яе ўвядуць на 3-й лініі метро, а потым распаўсюдзяць на 1 і 2 лініях.

Nashaniva.com