Рэдактар «Советской Белоруссии»: Палітычную кампанію Бабарыка выкарыстаў, каб унікнуць адказнасці

20.06.2020 / 09:17

Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Дзмітрый Жук лічыць, што не трэба палітызаваць сітуацыю з Віктарам Бабарыкам. Такое меркаванне Дзмітрый Жук выказаў у праграме «Клуб рэдактараў».

«Мы дакладна павінны зразумець, што гісторыя даўняя. У 2016 годзе з'явілася ўвага, былі накіраваныя запыты. І толькі ў 2019 годзе заходняя Феміда дала адказы нашым праваахоўнікам, гэта вельмі важна. А вось палітычную кампанію, хутчэй за ўсё, сам спадар Бабарыка выкарыстаў, каб «саскочыць», каб унікнуць адказнасці», — адзначыў Дзмітрый Жук.

«Вось уявіце — паўмільярда адмытых даляраў. Чаму ва ўсім свеце за адмыванне грошай самы суровы пераслед? Ніколі і нідзе гэтыя грошы не пайшлі на добрыя справы. Гэта альбо тэрарызм, альбо разгойдванне сітуацыі, гандаль людзьмі, зброяй, наркотыкамі і гэтак далей», — звярнуў увагу Жук.

Таму ён лічыць, што праваахоўнікі сёння робяць тую працу, якую павінны рабіць. «Не было б падстаў, ніхто б не затрымліваў. Латышы той банк, з якім працаваў Бабарыка, ужо даўно закрылі і зноў там праводзяць ператрусы, допыты. Не трэба гэта палітызаваць», — упэўнены Дзмітрый Жук.

Nashaniva.com