На журналістаў «Белсата» ў Салігорску склалі пратаколы, забралі тэлефоны на экспертызу і адпусцілі

18.06.2020 / 07:34

Як паведамлялася, пасля сустрэчы з Віктарам Бабарыкам у Салігорску міліцыя затрымала журналістаў тэлеканала «Белсат» Аляксандра Баразенку і Галіну Абакунчык.

Міліцыя блакавала журналістаў на выездзе з горада. Яны паспелі паведаміць, што на выездзе з гораду іх пераследваў мікрааўтобус на транзітных нумарах. Пасля машыну спыніла ДАІ.

Журналістаў затрымліваў маёр Алег Шалоха. Цяпер іх вязуць у аддзяленне ўнутраных спраў для складання пратакола за працу без акрэдытацыі.

22:00. Аляксандра Баразенку вызвалілі. Склалі пратакол за працу без акрэдытацыі і забралі тэлефон на экспертызу. 

0:00. Стала вядома, што Галіна Абакунчык таксама на волі, піша БАЖ.

Нагадаем, што тэлеканал «Белсат» шмат разоў звяртаўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі па акрэдытацыю, але ўвесь час атрымлівае адмовы.

Nashaniva.com