СААЗ аб'явіла аб спыненні даследаванняў гідраксіхларахіну. Прэпарат не ратуе ад каранавіруса

17.06.2020 / 20:52

Сусветная арганізацыя аховы здароўя спыняе клінічныя выпрабаванні лячэння COVID-19 гідраксіхларахінам, прэпаратам супраць малярыі, паведамляе Reuters.

Даследаванне гідраксіхларахіну было спынена з-за адсутнасці яго эфектыўнасці або хаця б нейкай карысці.

Пра гэта сказала на брыфінгу эксперт СААЗ Ана Марыя Энао-Рэстрэпа.

У заяве, апублікаванай пазней у сераду, СААЗ заявіла, што гэта рашэнне было заснавана на выніках комплекснага даследавання, якое паказала, што прэпарат не дапамагае пацыентам COVID-19.

Даследаванні «паказалі, што гідраксіхларахін не прыводзіць да зніжэння смяротнасці шпіталізаваных пацыентаў COVID-19», гаворыцца ў заяве СААЗ.

Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША ў панядзелак адклікала свой дазвол на надзвычайнае выкарыстанне гідраксіхларахіну для лячэння COVID-19, заявіўшы, што больш няма падстаў меркаваць, што гідраксіхларахін і звязаны з ім прэпарат хларахін будуць эфектыўныя ў лячэнні гэтай хваробы.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп казаў, што прымае гідраксіхларахін у якасці прафілактычнага сродку ад каранавіруса. 

Nashaniva.com