У аварыі загінулі двое дакументалістаў, якія здымалі фільм пра валанцёраў і самі развозілі медыкам сродкі абароны
15.05.2020 / 14:34
Аварыя здарылася ўвечары 14 мая ў Пухавіцкім раёне. Трое дакументалістаў, якія здымалі фільм пра валанцёраў, вярталіся на «Сітраене» дадому. Раптам у іх машыну ўехаў 20-гадовы кіроўца на Rover, які выляцеў на сустрэчную паласу.
У выніку кіроўца Rover і двое хлопцаў-валанцёраў загінулі.
Гэта маладыя дакументалісты Максім Гаўрыленка і Уладзімір Міхайлоўскі — у час пандэміі яны таксама дапамагалі з перавозкамі сродкаў абароны ў бальніцы. Хлопцам было 26 і 33 гады адпаведна.
Уладзімір Міхайлоўскі (злева) і Максім Гаўрыленка. Фота з Facebook.
Яшчэ адна дакументалістка, Любоў Зямцова, якая была з імі ў машыне, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
«Учора яны вярталіся ад мяне з Гомеля. Спрабуем цяпер зразумець, што далей рабіць, як дапамагчы з пахаваннем», — расказаў адзін з кіраўнікоў валанцёрскай ініцыятывы Вycovid-19 Андрэй Стрыжак.
Апроч дапамогі медыкам, каманда працавала над цыклам дакументальных фільмаў «Невядомая Беларусь».