Італія не адкрые межаў для замежных турыстаў да канца года, але выдзеліць па €500 жыхарам для вандровак па краіне

26.04.2020 / 19:24

Італія будзе трымаць мяжы закрытымі для замежных турыстаў да канца 2020 года. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце la Repubblica паведаміў міністр культуры і турызму Дарыё Франчэскіні, перадае БелТА. 

Адкрыццё межаў будзе залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі і палітыкі кожнай асобнай дзяржавы, — сказаў Франчэскіні.

Чыноўнік лічыць, што турыстычную сферу Італіі трэба ратаваць пры дапамозе ўнутранага турызму. У гэтых мэтах урад прымае меры — плануецца выдзеліць малазабяспечаным сем'ям да 500 еўра на летні адпачынак унутры краіны.

Для італьянцаў у маі плануюць адкрыць Калізей, Пампеі і іншыя музеі краіны. А вось пры прыняцці рашэнняў аб адкрыцці кінатэатраў, тэатраў і іншых устаноў культуры ўлады будуць улічваць дынаміку распаўсюджвання каранавіруса.

Nashaniva.com