20-гадовы хлопец краў грошы з карты сваёй цёткі, каб аплачваць пакупкі ў анлайн-гульні

11.03.2020 / 20:35

У міліцыю з заявай аб крадзяжы грошай з банкаўскай карты звярнулася бабруйчанка, паведамляе Следчы камітэт.

Да знікнення грошай з карткі пацярпелай спрычыніўся яе пляменнік — 20-гадовы жыхар Асіповіч, які летась у яе гасцяваў. Малады чалавек запомніў рэквізіты карткі: жанчына давала яму сваю картку і пін-код ад яе, каб юнак схадзіў у краму.

Атрыманыя звесткі жыхар Асіповіч вырашыў выкарыстоўваць для куплі бонусаў у папулярнай анлайн-гульні, агульная сума склала каля 350 рублёў. А каб цётка нічога не западозрыла, юнак марнаваў яе грошы маленькімі сумамі.

Супраць хлопца завялі крымінальную справу.

Nashaniva.com