У Калінкавічах падлеткі скралі машыну, каб пакатацца і вярнуць на месца, але памыліліся дваром

10.03.2020 / 20:54

У міліцыю Калінкавічаў звярнуўся мясцовы жыхар і паведаміў пра знікненне сямейнай рэліквіі — аўтамабіля «ВАЗ-2106». «Шасцёрка» заўсёды начавала ў двары, часцяком гаспадар пакідаў аўто адчыненым. Сышчыкі прагледзелі запісы з камер відэаназірання, па якіх знайшлі датычных да крадзяжу машыны, паведамляе ДАІ.

Двое таварышаў запрыкмецілі «шасцёрку» даўно, адзін з іх напярэдадні праверыў, ці не зачынена машына. У інтэрнэце хлопцы навучыліся заводзіць матор адвёрткай. Калі план спрацаваў, хлопцы каталіся па горадзе і пасля начнога праменаду вырашылі вярнуць машыну на месца. Пад'язджаючы да двара ўладальніка, змоўшчыкі заўважылі міліцэйскую машыну, якая прыбыла на выклік. Тады яны кінулі аўтамабіль у двары і збеглі. У тую ж ноч маладых людзей затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы.

Nashaniva.com