Шрайбман: Наталля Эйсмант — ледзь не другі па ўплывовасці чалавек у Беларусі

09.03.2020 / 16:49

Арцём Шрайбман патлумачыў, якой бачыць палітычную ролю прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Пра гэта гаварылася ў праграме «Ток» з Настассяй Роўдай.

Наталля Эйсмант. Фота Надзеі Бужан

— Качанава і Эйсмант — гэтыя жанчыны маюць нейкі палітычны ўплыў, нейкую моц?

— Безумоўна! Паколькі ўсе важныя палітычныя рашэнні прымае асабіста Лукашэнка ці можа накласці на іх вета, калі іх прыняў іншы орган, то тыя, хто фармуе карціну дня Лукашэнкі, яго погляд на свет, — гэта, па сутнасці, ледзьве не самыя важныя шэрыя кардыналы ў краіне.

Цяпер Наталля Эйсмант, згодна з усімі магчымымі злівамі і публічнай інфармацыяй, фармуе інфапарадак дня Лукашэнкі: яна прыносіць яму тое, што пра яго пішуць, і тое, што яна не хоча прыносіць, яна, мабыць, не прыносіць. Таму мы вельмі недаацэньваем вагу гэтага чалавека.

Асабліва ўлічваючы, што Лукашэнка апошнія пару год проста спрачаецца з інтэрнэтам: у публічных выступах, на нарадах пачынае спрачацца з нейкім блогерам, тэлеграм-каналам.

Ён нават Пуціну пра гэта гаварыў. Казалі, што пару тыдняў таму ён прызнаўся, што Пуціну прыносіў раздрукоўкі таго, што пра яго пішуць у тэлеграме і расійскіх СМІ. Ён вельмі чуйны да таго, што пра яго пішуць, гэта яшчэ з 90-х не прайшло. У гэтай сітуацыі чалавек, які кантралюе тое, што трапляе да яго на стол, — гэта ледзь не другі па ўплывовасці чалавек, насамрэч.

«Ток» з Сяргеем Чалым
«Ток» з Віктарам Бабарыкам
«Ток» з Тадэвушам Кандрусевічам

Nashaniva.com