Лукашэнка: Светлая памяць аб Язаве назаўсёды захаваецца ў сэрцах беларусаў
26.02.2020 / 16:43
Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім маршала Савецкага Саюза Дзмітрыя Язава, паведамляе БелТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Маршал Савецкага Саюза Дзмітрый Язаў — сапраўды гераічная і легендарная асоба, а яго баявы, прафесійны і жыццёвы шлях — яркі ўзор чалавечай годнасці, цвёрдасці волі і стойкасці характару.
«Самаахвярна адданы абавязку і Радзіме, Дзмітрый Цімафеевіч з гонарам вытрымаў суровыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Як праўдзівы прадстаўнік пакалення пераможцаў усе свае сілы ён аддаваў выхаванню маладых патрыётаў, адказна ставіўся да вялікага подзвігу савецкага народа», — гаворыцца ў спачуванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што светлая памяць пра Дзмітрыя Язава назаўсёды захаваецца ў сэрцах беларусаў.
Язаў нарадзіўся ў 1924 годзе пад Омскам. У 1962 г. падчас Карыбскага крызісу мотастралковы полк Язава перакінулі на Кубу. У 1987-1991 гадах Язаў кіраваў Мінабароны СССР. У 1990 годзе яму прысвоілі званне маршала. Быў членам ГКЧП.
У сакавіку 2019 года Язава прызналі вінаватым у ваенных злачынствах па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні. Яго завочна прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі.