Мінфін Расіі адхіліў прапанову Беларусі па крэдыце на Астравецкую АЭС

11.02.2020 / 15:15

Фота Надзеі Бужан

Беларусь просіць Расію перагледзець умовы міжурадавага крэдыту на будаўніцтва АЭС у Астраўцы (БелАЭС), але бягучыя прапановы Мінска не могуць быць прынятыя, паведаміў журналістам намеснік міністра фінансаў Расіі Сяргей Сторчак, піша РБК.

«Беларускія калегі настойліва просяць нас перагледзець умовы дзеючага пагаднення. Кансультацыі такія ідуць у працоўным парадку, нічога асаблівага не адбываецца», — сказаў Сторчак.

«Адначасова падоўжыць перыяд выкарыстання сродкаў крэдыту і паменшыць працэнтную стаўку — не адпавядае фінансавай тэорыі, таму трэба шукаць кампрамісы ў іншай плоскасці», — падкрэсліў намеснік міністра фінансаў Расіі.

9 лютага першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Круты паведаміў, што Мінск просіць адкласці час пачатку выплат па крэдыце. «Плюс мы просім, каб не несці дадатковыя нагрузкі, рассунуць тэрмін гэтага крэдыту і некалькі знізіць працэнтную стаўку, прывёўшы яе ў адпаведнасць прыкладна з тымі кантрактамі, якія існуюць у «Расатама» ў іншых краінах», — сказаў Круты.

Першы блок БелАЭС павінен быць уведзены ў 2020 годзе (усяго павінна быць два энергаблокі). «Па першым блоку мы зараз падыходзім да вельмі важнай стадыі пусканаладачных работ», — сказаў 9 лютага Круты. Па ўмове крэдытнага пагаднення з Расіяй Беларусь павінна пачаць пагашаць крэдыт не пазней за 1 красавіка 2021 года. На 1 студзеня 2019 года Беларусь выкарыстала $3,4 млрд з крэдытнай лініі ад Расіі на $10 млрд, паведамлялася ў ліпені мінулага года ў праспекце беларускіх аблігацый.