Кітайскі каранавірус дабраўся да чарговай еўрапейскай краіны

04.02.2020 / 14:16

У аднаго з грамадзян Бельгіі, эвакуяванага з кітайскага горада Ухань, выяўлены новы каранавірус. Пра гэта са спасылкай на кіраўніка бельгійскага Міністэрства аховы здароўя Мэгі Дэ Блок паведамляе Le Soir.

Усяго з Кітая былі эвакуяваныя дзесяць грамадзян Бельгіі, усіх іх шпіталізавалі, у аднаго выявілі каранавірус. Па словах міністра, пацыент пачуваецца добра, у яго сімптомы ВРВІ. Захварэлага змясцілі ва ўніверсітэцкую бальніцу Сен-П'ер у Брусэлі, дзе за ім будуць назіраць.

Усяго ў свеце ад пнеўманіі, якую выклікае новы тып каранавіруса, памерлі 427 чалавек. Амаль усе смяротныя выпадкі зафіксаваныя ў Кітаі, яшчэ два — за мяжой, на Філіпінах і ў Ганконгу.

У Еўропе каранавірус выяўлены ў Фінляндыі, Швецыі, Нямеччыне, Італіі, Францыі, Брытаніі, Бельгіі.

МЗС Кітая паведаміў, што адсотак смяротнасці ад заражэння новым тыпам віруса вельмі нізкі — 2,1%. Гэта ніжэй, чым смяротнасць ад ВРВІ, Эболы або каранавіруса Блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому (MERS).

Nashaniva.com