Як у Віцебску ў начным клубе ў поўнай цішыні злавілі выкрадальніцу айфона

28.11.2019 / 16:43

21-гадовая жыхарка Віцебска пайшла ў начны клуб, і ў яе быў новенькі iPhone 11.

У бары яна пакінула гаджэт на барнай стойцы і пайшла танцаваць. А калі апамяталася і вярнулася назад, тэлефона на месцы ўжо не было. Наведвальніца звярнулася па дапамогу да адміністратара клуба. Тая выклікала міліцыю, але паспрабавала самастойна дапамагчы дзяўчыне, паведамляе абласная міліцыя.

У клубе выключылі музыку, і супрацоўніца ўстановы патэлефанавала на нумар тэлефона. І мелодыя, зайграўшы, выдала злачынцу. Ёю аказалася 28-гадовая наведніца.

Прычым яна знаходзілася ў стане моцнага алкагольнага ап'янення (2,76 праміле). Высветлілася, што момант злачынства трапіў на камеры відэаназірання. На запісе было відаць, як дзяўчына падышла да стойкі, дзе ляжаў тэлефон, замовіла сабе напой у бармэна. Пакуль той адвярнуўся, забрала айфон.

Заведзена крымінальная справа.

Nashaniva.com