Данія дазволіла пабудаваць у сваіх водах «Паўночны паток — 2»

30.10.2019 / 16:21

Дацкае энергетычнае агенцтва дало дазвол на будаўніцтва ўчастка газаправода «Паўночны паток — 2», які праходзіць па кантынентальным шэльфе Даніі на паўднёвы ўсход ад вострава Барнхольм у Балтыйскім моры. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У агенцтве растлумачылі, што, у адпаведнасці з канвенцыяй ААН па марскім праве і з законам аб кантынентальным шэльфе, улады Даніі абавязаны выдаваць дазволы на будаўніцтва транзітных трубаправодаў пры ўмове захавання патрабаванняў, накіраваных на абарону навакольнага асяроддзя. Пры гэтым улады маюць права пазначыць маршрут такога трубаправода.

У ведамстве патлумачылі, што кампанія Nord Stream 2 AG прапанавала розныя варыянты маршруту газаправода «Паўночны паток — 2» праз акваторыю Даніі. Вывучыўшы іх, Дацкае энергетычнае агенцтва палічыла лепшым самы кароткі варыянт, пры якім газаправод абгінае востраў Барнхольм з паўднёвага ўсходу. Такім чынам, працягласць дацкага ўчастка «Паўночнага патоку-2» складзе 147 км.

Nashaniva.com