Пад Лунінцам гвалтаўнік накінуўся на жанчыну, якая ішла на цягнік. Але побач была яе мама

07.10.2019 / 20:46

Гвалтаўнік з Мікашэвіч абраў ахвярай 44-гадовую жанчыну, якая раніцай, калі яшчэ было цёмна, ішла на цягнік, паведамляе Медыя-Палессе.

Дачку праводзіла маці. Затым жанчыны рассталіся, і, не паспеўшы далёка адысці, маці пачула крыкі дачкі. Яна кінулася назад і стала клікаць на дапамогу, а таксама выклікала міліцыю.

Гвалтаўнік да гэтага часу сцягнуў з ахвяры джынсы і бялізну. Але, спалохаўшыся, збег.

Праз некалькі хвілін на месца злачынства прыехалі міліцыянеры. Разам з пацярпелай яны сталі аб'язджаць вуліцы і аглядаць мясціны.

Падазраваны схаваўся ў яры, непадалёк ад вакзала, дзе яго і знайшлі. Яго даставілі ў Мікашэвіцкае аддзяленне міліцыі, а затым змясцілі ў ізалятар.

Як стала вядома Медыя-Палессю, Лунінецкі райаддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па артыкуле «Замах на згвалтаванне» КК РБ. Падазраванаму можа пагражаць пакаранне аж да сямі гадоў пазбаўлення волі.