Хлопец прыехаў у Маладзечна на дыскатэку. Праз два дні яго цела знайшлі ў вадаёме ў цэнтры горада

Завяршылі вышук 19-гадовага хлопца, які ў ноч на нядзелю пайшоў з начнога клуба і знік.

07.10.2019 / 21:10

Праз два дні пошукаў валанцёры знайшлі яго цела ў вадаёме ў цэнтры Маладзечна, расказаў «Нашай Ніве» каардынатар пошукавага атрада «Анёл» Максім:

«У нядзелю да нас нас звярнуліся бацькі Глеба, што хлопец пасля дыскатэкі не вярнуўся дамоў у вёску Вытрапаўшчына, што пад Маладзечнам. Нашы валанцёры адразу арганізавалі пошук, аднак учарашні дзень плёну не даў. Сёння пасля абеду яго цела знайшлі ў вадаёме ў парку Перамогі ў цэнтры Маладзечна», — расказаў Максім.

Дакладную прычыну смерці будуць высвятляць следчыя.

Наталля Тур, фота vk.com