Выкрадзены ў Гомелі ўкраінец Грыб расказаў, чаму не паціснуў руку прэзідэнту Зяленскаму

12.09.2019 / 23:25

Украінец Паўло Грыб, выкрадзены ў Гомелі расійскімі спецслужбамі, патлумачыў BBC адсутнасць поціску рукі з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім падчас вяртання ва Украіну.

Грыб прызнаўся, што не павітаўся з кіраўніком дзяржавы і не паціснуў яму руку праз дэзарыентацыю ў прасторы. «На жаль, я выходзіў апошнім. Спачатку проста спусціўся, нічога не ўбачыўшы. Потым падбеглі родныя. Я цалкам дэзарыентаваны, як бы гэта дзіўна не гучала. Я нават сам не зразумеў, што адбываецца», — растлумачыў Грыб.

Ён дадаў, што на кіраўніка дзяржавы паказаў яму бацька, аднак Грыб не адразу пазнаў Зяленскага. «Малюнак у вачах мігцеў. Я не мог нават журналістам глядзець у вочы», — падкрэсліў ён.

Грыб выказаў шкадаванне з-за таго, што не павітаў украінскага лідара ў аэрапорце.