Кіроўца фуры ўсю дарогу ад Брэста да Мінска піў за рулём, бо пасварыўся з жонкай

23.08.2019 / 15:13

Пра выпадак паведамляе ДАІ ў сваім тэлеграм-канале.

Па радыёстанцыі паступіла інфармацыя ад аператыўнага дзяжурнага, што па брэсцкай трасе ў напрамку Мінска, віляючы з боку ў бок, рухаецца МАЗ.

Супрацоўнікі ДАІ выявілі месцазнаходжанне грузавіка. Аўтамабіль быў спынены на скрыжаванні пр-та Дзяржынскага з МКАД. Кіроўца (з відавочнымі прыкметамі ап'янення) растлумачыў, што, знаходзячыся ў Брэсце, ужываў спіртное, пасля чаго працягнуў свой шлях у напрамку горада Мінска. Пры гэтым піць не спыніў і падчас кіравання аўтамабілем. Па яго словах, прычынай стала сварка з жонкай.

Па выніках медыцынскага агляду ў яго знайшлі 1,09 праміле.

Nashaniva.com