Член «Рускага саюза Латвіі» павіншаваў усіх з днём пачатку савецкай акупацыі ў 1940 годзе. Цяпер можа сесці на 5 гадоў

22.07.2019 / 18:15

Аляксандр Філей — сябра «Рускага саюза Латвіі», а таксама арганізатар «Татальнага дыктанта» ў гэтай краіне. 17 чэрвеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён напісаў пост пра падзеі 1940 года.

Аляксандр Філей. Фота baltnews.lv.

«17 чэрвеня. Са святам. Усіх датычных сардэчна віншую са святам. Зычу ўсім сілы духу, бадзёрасці, вясёлага настрою і светлых спадзеваў. Роўна семдзесят дзевяць гадоў таму ў Латвію, пагружаную ў дыктатарскі рэжым, які будаваўся на прынцыпах злоснага нацыяналізму, быў уведзены абмежаваны кантынгент Чырвонай арміі. Гэты акт прывёў да хуткага ўсталявання савецкай улады. […]

А Латвія была зусім не супраць стаць савецкай», — напісаў Філей.

Справа была заведзеная пасля таго, як заяву ў Службу дзяржаўнай бяспекі Латвіі напісаў сябар партыі «Новае адзінства» Дзмітрый Голубеў. У выніку спецслужбы пачалі справу супраць Філея за апраўданне злачынстваў супраць чалавечнасці, Латвіі і яе народа. Публіцысту пагражае да 5 гадоў зняволення.

«Рускі саюз Латвіі» абяцае Філею ўсемагчымую падтрымку.

ЗП