Мінчук напаў з сякерай на кур'ера і звязаў яго скотчам

21.06.2019 / 21:26

Мужчына замовіў у інтэрнэт-краме тры дарагія смартфоны. 26-гадовы кур'ер прыбыў па адрасе, каб даставіць заказ, паведамляе Следчы камітэт.

Дзверы ў кватэру адчыніў п'яны 24-гадовы мінчук з сякерай у руках. Пагражаючы ёй, ён звязаў кур'еру скотчам рукі і ногі, затым забраў тэлефоны (іх агульны кошт амаль сем тысяч рублёў) і пакінуў кватэру.

Праз нейкі час малады чалавек змог вызваліцца і выклікаць міліцыю.

Неўзабаве падазраванага затрымалі. Пры ператрусе ў яго знайшлі больш за дзве тысячы даляраў, якія ён паспеў утаргаваць ад продажу тэлефонаў.

Цяпер мужчыне пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Nashaniva.com