У Мінску п'яны кіроўца пратараніў тры аўто, а пры спробе схавацца разбіў яшчэ адно і аўтобус. Жанчына спрабавала яго спыніць ВІДЭА

21.05.2019 / 17:17

Сёння ў Мінску п'яны кіроўца ўрэзаўся ў чатыры машыны і аўтобус, паведамляе ДАІ.

Паводле папярэдняй інфармацыі, нецвярозы вадзіцель «Мерседэса» пашкодзіў тры аўто на стаянцы каля аднаго з дамоў па вуліцы Бурдзейнага.

Гэта адбылося на вачах у жанчыны, якая знаходзілася побач. Яна кінулася да машыны, каб паспрабаваць спыніць кіроўцу. Затым кіроўца рэзка здаў назад, і жанчына ўпала на асфальт, ледзь не пад колы машыны.

Кіроўца паспрабаваў знікнуць з месца здарэння — выехаў на вуліцы Бурдзейнага на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з «Сітраенам», а пасля накіраваўся ў бок вуліцы Якубоўскага. Насупраць дома №25 на вуліцы Бурдзейнага адбылося сутыкненне з аўтобусам.

Пасля ДТЗ кіроўцу аўто ўтрымлівалі грамадзяне да перадачы праваахоўнікам. Цяпер мужчына знаходзіцца ў шпіталі. Праводзіцца праверка. У кіроўцы раней забіралі вадзіцельскае пасведчанне за кіраванне машынай у нецвярозым стане.

Відэа: Онлайнер.