Лукашэнка цёпла сустрэўся з экс-прэзідэнтам Латвіі Улманісам і паабяцаў наведаць Рыгу

16.11.2018 / 12:59

Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці сустрэўся з экс-прэзідэнтам Латвіі Гунцісам Улманісам.

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка і Гунціс Улманіс цёпла паразмаўлялі, згадалі сустрэчы мінулых гадоў. «Я з такім жаданнем сёння сюды прыйшоў, як да блізкага знаёмага чалавека. Успомніў усе гэтыя моманты, калі мы сустракаліся, — адзначыў экс-прэзідэнт Латвіі. — Мне ніхто ніколі не сапсуе тыя сардэчныя ўзаемаадносіны, якія былі і ёсць».

«Добра, што ёсць што ўспомніць», - пагадзіўся Лукашэнка.

Гунціс Улманіс нагадаў, што кіраўніка беларускай дзяржавы чакаюць з візітам у Рызе: «Мой калега (дзеючы прэзідэнт Латвіі) выказаў гэтую прапанову, з міністрам замежных спраў Беларусі таксама ўчора размаўлялі, што ў Рызе вы павінны пабываць».

«Абавязаны», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.