5,5 года турмы за вазу і карціну — у Гомелі за хабар засудзілі начальніка падатковай

12.10.2018 / 12:41

Начальніку падатковай інспекцыі Савецкага раёна Гомеля прысудзілі 5 з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, піша Радыё Свабода.

12 кастрычніка суд Чыгуначнага раёну Гомеля вынес рашэньне па крымінальнай справе начальніка падатковай інспэкцыі Савецкага раёну гораду.

Фота з сайта TUT.BY

Канстанцін Трацэўскі пакараны пазбаўленьнем волі на 5 з паловай гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Хабарам сьледзтва прызнала вазу і карціну агульным коштам 155 рублёў. Сам Трацэўскі вінаватым сябе не прызнаў.

42-гадовы Канстанцін Трацэўскі быў затрыманы ў лютым 2018 году. Сьледзтва прыйшло да высновы, што на вусныя загады кіраўніка падатковай ягоныя падначаленыя не праводзілі праверкі ці спынялі іх, а вінаватыя пазьбягалі адказнасьці.

Сьледчы камітэт пасьля затрыманьня паведаміў: пры ператрусе дома ў затрыманага знайшлі дарагія гадзіньнікі і асадкі, калекцыйныя манэты, «алькагольныя напоі вядомых вытворцаў», аўтамабіль Audi Q7.

На судзе высьветлілася, што ўсе гэтыя рэчы ня маюць дачыненьня да крымінальнай справы. Хабарам сьледзтва палічыла вазу і карціну, атрыманыя Трацэўскім ад знаёмай прадпрымальніцы. Абвінавачаньне лічыць, што «прадметамі інтэр’еру» ўласьніца гандлёвага пункту аддзячыла начальніку падатковай за спыненьне праверкі.

Абвінавачаны патлумачыў, што дзякаваць яму не было за што — парушэньняў падчас праверкі ў краме не выявілі. Падначаленым ён сапраўды тэлефанаваў наконт гэтай праверкі, каб папрасіць: «Не палохайце чалавека».

Трацэўскаму інкрымінавалася, што ён дапамог свайму прыяцелю-прадпрымальніку пазьбегнуць адказнасьці. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, на ўласьніка піцэрыі паступіла скарга ў падатковую, а кіраўнік даў загад сваім падначаленым правесьці праверку фармальна.

На судзе абвінавачаны даводзіў, што ён не даваў падначаленым злачынных загадаў. З уласьнікам піцэрыі ён ня прыяцель. Трацэўскі выказаўся на судзе, што яго да затрыманьня праслухоўвалі два гады з прычыны ананімнага звароту, матыў якога — «помста і зайздрасьць».