Святлана Куль. Гэты горад ужо не адпусціць мяне…

18.06.2018 / 16:41

Гэты горад ужо не адпусціць мяне, не дазволіць расстання,
Ён карэннямі ліпаў сваіх, нібы спрут, ува мне прарастае
Непрыкметна, няспынна, па кроку, па ўздыху, патроху.
Ён цікуе за мной са званіцы бетоннага Роха.
Мне не збегчы з яго пераблытаных трас, перакручаных сцежак
Да каштанаў Гародні, да Нёмна, да замкавых вежаў,
Ён сцірае падэшвы, ён сэрца і памяць сцірае,
Як чужая дарога
Ад брамы закрытага раю.

17.06.2018